Гавары са мной па - беларуску.
Гутарка «Свята Калядкi»
Гутарка «Свята Калядкi»
Мэта: Пашырыць веды дзяцей аб традыцыйна-абрадавым свяце – Калядках, вучыць дзяцей рабiць калядныя маскi i выкарыстоўваць iх у гульнi, садзейнiчаць стварэнню добрага настрою ў дзяцей, выхоўваць пачуццё калектывiзму, павагi да традыцыйных беларускiх свят.
Абсталяванне: Альбом «Абрадавыя святы", маскi мядзведзя, казы, бумага, тканiна, клей, вата (для маскi бусла), палкi, драўляны шар.
Змест гутаркi
В. Сёння я раскажу пра свята Каляды, якое святкуецца 6-19 студзеня. Гэта першае свята сонца. Для земляроба час з кастрычнiка да снежня быў перыядам замiрання прыроды. Ён верыў, што ў гэты час панавання холаду, сцюжы, мяцелiцы адбываецца барацьба дабра са злом, святла з цемраю. А з 6 студзеня – дня зiмовага сонцавароту «адраджэння» сонца – пачатак новага сонечнага года, якi абяцаў прыход цяпла i святла буджэнне пладаноснай сiлы зямлi.
Да каляд пачыналi рыхтавацца з пачатку зiмы. Традыцыйная вячэра ў першы дзень Калядак – «вялiкая куцця», зяўляецца пачаткам святочных дзён i вечароў.
Куцця – каша з абтоўчаных у ступе зярнят ячменю або пшанiцы (паказ дзецям зярнят). На Беларусi спраўлялiся тры куццi. На ўсе тры куццi клiкалi маразы: «Мароз, Мароз iдзi да нас куццю есцi! А летам не бывай, па межах хадзi, яры не губi!»
Калi на наступны дзень мароз станавiўся мацнейшым гаварылi: «Мароз паеў куццi i паласкавеў!» Каляды святкуюцца ў суправаджэннi розных забаў i ўвесяленняў (выхавацель паказвае малюнкi забаў). Вельмi папулярнымi сярод моладзi былi гульнi пераапранутых у казу, мядзведзя, ваўка i iнш…
Галоўная маска пераапранання – каза. Каза ў старажытнасцi шанавалася за яе здольнасцi паляпшаць ураджай. Мядзведзя лiчылi царом звяроў, таму на каляды i вадзiлi побач мядзведзя. Воўк увасабляў сiлу холада i зiмы. У святочным маскарадзе прысутнiчалi такiя персанажы, як цыган, афiцэр…
В. А зараз я прапаную, вам пагуляць у народную гульню «Каза» (дзве каманды дзяцей знаходзяцца на пэўнай адлегласці адна ад адной. У кожнага ў руках палка. Адна з каманд кідае i коціць драўляны шар у бок процілеглай каманды, тыя адбіваюць яго назад ці ловяць на сваей мяжы-рысе i вяртаюць першай камандзе. Калі шар пералящць праз мяжу-рысу, каманда, што ахоўвае яе, адыходзіць да таго месца, куды закаціўся шар. Тады пра яе гавораць: — Загналі у казіны рог!)
В. Яшчэ на любыя святы рабiлi бусла –сiмвал шчасця. (з ваты дзецi робяць круглую галаву, з кардону-доўгую дзюбу i вочы. Прымацаваўшы галаву на палку, робяць з цюлi тулава i крылы.)
В. Давайце ўспомнiм прыгаворку пра бусла. «Бусел, што заўтра будзе: дождж цi пагода? Як пагода, то ляцi, як дождж, то сядзi».
Гутарка «Бульба – другi хлеб»
Гутарка «Бульба – другi хлеб»
Мэта: пашыраць веды аб бульбе, пра значнасць для людзей, пра стравы, якiя з яе гатуюць.
Змест гутаркi
В: Цi чулi вы што – небудзь пра бульбу?
Як вы мяркуеце, чаму бульбу называюць «другiм хлебам?»
В: Шмат гадоў таму ніхто не ведаў, што есць такая расліна як бульба. Адзін адважны мараплавец прывёз розныя насенне раслін і клубні бульбы. Але людзі не адразу зразумелі, што ў бульбе важныя клубні. Адзін багацей вырашыў пачаставаць гасцей новым дзівоцтвам, Замест таго, каб выкапаць бульбу, яго садоўнік сарваў зялёныя шарыкі са сцяблінак. Ён проста не ведаў, што яны не ядомыя. Гэтыя горкія і неядомыя плады былі пададзеныя гасцям. Нехта з гасцей, паспрабаваўшы пачастунак, папярхнуўся, у кагосці перакасіўся твар, хтосці выбег з-за стала.
Памятаеце, казку пра рэпку? Для чаго патрэбна была дзядку вялікая - вялікая рэпка? Каб накарміць бабку, унучку і ўсю сям'ю. Раней, у халодныя зімы, калі пасевы вымярзалі, рэпа замяняла селяніну хлеб. Сытная ураджайная бульба выцясніла рэпу. Цяпер ужо не рэпа, а бульба стала для нас беларусаў другім хлебам. Яна ратавала ад голаду ў цяжкiя часы, таму нашы дзяды з вялiкай павагай адносiлiся да яе.
В: А чым палезная бульба? У бульбе шмат карысных рэчываў і вітамінаў: крахмал, цукар, бялок. Захоўваць бульбу трэба ў прахладным цемным месцы. Але калі бульба паляжала на сонейку, то ў ёй утвараецца моцны яд, вельмі шкодны для здароўя чалавека.
В: Якiя стравы можна прыгатаваць з бульбы? (піражкі з бульбай, дранiкi, бабку, клёцкi, калдуны) З бульбы можна прыгатаваць больш за 700 розных страў.
Канспект правядзенне занятка па адукацыйнай вобласці "Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін" для дзяцей старэйшай групы. «Калыханкi роднага краю»
Канспект правядзенне занятка па адукацыйнай вобласці
"Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін"
для дзяцей старэйшай групы.
«Калыханкi роднага краю»
Праграмныя задачы: Далучаць дзяцей да беларускай традыцыйнай культуры праз беларускую мову, беларускі фальклор; развiваць маўленчыя здольнасцi; выхоўваць любоў и павагу да роднай мовы.
Матэрыял: лялькi, рознакаляровыя алоўкi, бумага, вiдэяфiльм.
Папярэдняя работа: знаёмства з беларускім фальклорам (казкамi, прыказкамi, прымаўкамi)
Ход занятка
Прагляд відэяфільма «Матуля» (цiха гучыць мелодыя народнай калыханкi).
В. Скажыце, якiя песенькi спяваеце вы сваiм лялькам, калi кладзеце iх спаць? А якiя спявае вам цi вашым маленькiм брацiкам i сястрычкам ваша матуля?
(Дзецi пераказваюць або спяваюць калыханкi матуліны цi свае.)
Вось гэтыя песенькi называюцца калыханкамi. Як вы думаеце, чаму? Зараз я вам праспяваю калыханку, а вы ўважлiва слухайце i старайцеся запомнiць!
Пайшоў коцiк на таржок,
Купiў Грышку пiражок.
Цi самому есцi?
Цi Грышачку несцi?
Я i сам укушу,
I Грышачку панясу.
В. Як вы думаеце, дзеткi, гэта калыханка толькi для Грышкi?
(Дзецi спрабуюць замянiць iмя i праспяваць для Васi, напрыклад, цi Максiмкi)
В. А вось яшчэ адна калыханка:
А ты, Коця, не вурчы
А Рыгорка спi-маўчы.
На коцiка-варкота,
На Рыгорку-сон-дрымота.
В. Iзноў пра ката? Так, ў дзiцячай калыханцы кот вельмi часта сустракаецца: ён то iдзе на таржок /рынак/ I прыносiць малому пiражок, то дапамагае мацi закалыхаць дзіця. А як вы лічыце , чаму менавiта коцiк? Так, таму, што ён жыве ў доме, любiць гуляць, лашчыцца да чалавека, пры гэтым мурлыча-«спявае» сваю песеньку-калыханку. Таму часта ў нас на Беларусi бабулi гаварылi: «Я ўнучку буду спяваць ката». /гэта значыла «закалыхаць дзiця песняй»/
(Дзецi бяруць лялек i спяваюць iм заранёў вывучаную калыханку.)
Як пайшоў каток на ганак,
Знайшоў латок абаранак.
Люлi, люлi, люлi. (2разы)
В. А як спяваецца калыханка? (мякка, пяшчотна, павольна) Так, дзеткi, калыханкi ўсiх народау свету, ў тым лiку i беларускiя, маюць павольны рытм, сваеасаблiвую аднастайнасць мелодыi. Iм характэрна задушэўная лiрычнасць i пяшчота. А спяваюцца яны так таму, што трэба закалыхаць дзiцятка, дапамагчы малому заснуць. Лiрычнасць i цеплыня калыханак ад сэрца матулі, бо менавiта яна была часцей за ўсё складальнiцай гэтых песенек.
В. Ой, мы зараз з вамі самі заснем. Каб не заснуць пагуляем.
Фізкультхвілінка.
Раз, два, тры, чатыры —
Зайчык вушкі натапырыў.
Ідзе з лесу воўк, воўк,
Ён зубамі шчоўк, шчоўк.
Мы схаваліся ў кусты:
Зайка, я, і ты, і ты.
Ты ж, ваўчына, пачакай,
Як схаваемся — шукай!
В. Матулька, спяваючы калыханку, атуляла сваёй пяшчотай дзяцей, хацела, каб малое адчула ласку, абароненасць, цеплыню.
Давайце праспяваем «ката» так, як гэта робiць наша матуля: ласкава i мiлагучна (дзецi з дапамогай выхавацеля спяваюць калыханкi).
Зараз мы с вамi паспрабуем намаляваць калыханку так, як кожны з вас яе ўяўляе. Калыханка – гэта ноч, сон, цеплыня, спакой, каляровыя дзiцячыя сны.
Праца выхаванцаў суправаджаецца мелодыяй калыханкi.
Затым праводзiцца выстава малюнкаў. Дзецi расказваюць аб сваiх творах.
Адукацыйны праект «Мову родную люблю я»
«Мову родную люблю я»
ІНФАРМАЦЫЙНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ПРАЕКТА
Назва праекта: «Мову родную люблю я»
Аўтар: Кайлевiч Таццяна Iванаўна, выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ДУА «Яслі-сад №38 г. Ліда"
Тып праекта: пазнавальны.
Часовыя рамкі рэалізацыі праекта: тыдзень.
Удзельнікі праекта: дзеці старэйшай групы, выхавальнікі групы, бацькі.
АКТУАЛЬНАСЦЬ ПРАЕКТА
У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Гэта мова той краiны, дзе чалавек нарадзiўся, дзе жыве. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. Беларуская мова - душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, наш скарб, якім мы павінны ганарыцца і ніколі не адракацца. Змiтрок Бядуля пiсаў. “Не саромейся, беларус, гаманіць па-беларуску — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека”.
Далучэнне дзяцей да роднага слова развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру, дазваляе звярнуцца да сваіх вытокаў. Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы і як мага болей размаўляць на ёй, ганарыцца ёю. Каб дзецi ведалi сваю мову, патрэбна на ёй размаўляць — і дарослым, і выхаванцам.
МЭТА ПРАЕКТА
Фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жадання авалодаць ёю, абуджэнне пачуцця нацыянальнай годнасці і гонару за геніяльных тварцоў і свой народ.
ЗАДАЧЫ ПРАЕКТА
- далучаць дашкольнікаў да багацця беларускай мовы;
- фарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе;
- стымуляваць зносіны на беларускай мове;
- развіваць навыкі разумення беларускай мовы, уменне адказваць на пытанні выхавальніка;
- выхоўваць павагу i любоў да роднай мовы.
ФОРМЫ І МЕТАДЫ РЭАЛІЗАЦЫІ ПРАЕКТА
- мэтавыя прагулкі і экскурсіі;
- тлумачэнні выхавальніка ў спалучэнні з паказам;
- гутаркі;
- развучванне песень і вершаў, прыказак, прымавак;
- чытанне казак;
- праслухоўванне музычных твораў;
- узбагачэнне і стымуляцыя дзіцячай творчасці, творчая майстэрня;
- заняткі, гульні, гульнявыя практыкаванні, заданні;
- забавы.
1 этап – падрыхтоўчы
Задачы:
- Распрацаваць план мерапрыемстваў па рэалізацыі дадзенага праекта.
- Зацікавіць дзяцей і бацькоў тэматыкай праекта.
Формы і метады:
- Экскурсія у бiблiятэку, музей «Радзiма» СШ № 17, краязнаўчы музей горада.
- Інтэрв'юіраванне дзяцей: «Для чаго нам патрэбна мова?», «Што такое Радзіма?»;
- Анкетаванне бацькоў «Ведаеце лi Вы родную мову?»;
- Стварэнне наглядна-інфармацыйнага часопіса «Родная мова для дашкалят».
2 этап – Практычны
Задачы:
- фарміраваць культуру ўспрымання беларускiх твораў (разуменне зместу твора, выразных сродкаў мовы, асаблівасцяў празаічнай і вершаванай прамовы);
- удакладніць і абагульніць ўяўленні аб фальклорных і літаратурных творах розных жанраў (жанры фальклору: паданне, небыліца, заклічка, лічылка, казка і інш.);
- садзейнічаць далейшаму практычнаму авалоданню мастацка-маўленчай дзейнасцю: пераказ апавяданняў, казак, чытанне на памяць вершаў і інш.
- развіваць навыкі разумення беларускай мовы, уменне адказваць на пытанні выхавальніка;
- заахвочваць дзяцей да самастойных выказванняў на беларускай мове.
Формы і метады:
1. Заняткі: па адукацыйнай вобласці “Развіццё маўлення і культуры маўленчых зносін «Калыханкi роднага краю», інтэграванага па адукацыйных вобласцях “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін i «Дзіця і грамадства» «Пісьменнікі нашай краiны», па адукацыйнай вобласці «Дзіця і прырода» «Аiст цi бусел?»;
2. Гутаркі: «Я – маленькi беларус», « Бульба – другi хлеб», «Роднай мовы пералівы»;
3. Сюжэтна - ролевая гульня: «Кафэ «Хвiлiнка»;
4. Дыдактычныя гульні: «Хто дзе жыве?», «Я дару табе слоўца на роднай мове», «Перакладчыкi»;
5. Тэатральна - літаратурная гульня «Казкі на новы лад»;
6. Чытанне маст. літаратуры: вершаў беларускіх паэтаў Я. Купалы, Я. Коласа, С. Грахоўскага, В. Віткі, М. Танка; беларускіх пiсьменнiкаў Цётка, З. Бядуля, В. Хомчанка, К. Калiна; беларускiх народных казкак, пацешак i т.д.;
7. Завучванне вершаў, прыказак, прымавак,скарагаворак;
8. Пераказ апавяданняў, казак пры дапамозе схем, мадэляў;
9. Рухомыя народныя гульні «Лясь – лясь уцякай», «Гарлачык», «Два маразы», «Браднiк», «Iванка», карагодная гульня «Грушка»;
10. Пошукава-даследчая дзейнасць: «Адкуль пайшлi беларусы?»;
11. Творчая майстэрня (сумесна з бацькамi) «Выраб кніжак малых «Беларускі фальклор»
12. Забава «У госцi да Несцеркi»
3 этап – Заключны
Задачы:
- Ацэнка эфектыўнасці рэалізацыі праекта, выяўленне дынамікі ў развіцці дзяцей.
- Прэзентацыя вынікаў праектнай дзейнасці.
Формы і метады:
- Акцыя «Гавары са мной па беларуску! »;
- Выстава - наказ “Вучым родныя словы разам з намі";
- Выстава дзіцячай мастацкай літаратуры “У свеце беларускіх казак”;
- Лiтаратурны вечар «Мой любімы верш»;
- Мультымедыйная прэзентацыя «Смак беларускай мовы».
Казкі на ноч
Што можа быць лепш дзіцячай казкі на ноч? Казка на ноч – гэта ўвага і любоў бацькоў, якія так неабходныя маленькім дзецям. Гэта свайго роду пажаданне спакойнай ночы. Толькі не кароткае або нядбайнае, а доўгае і грунтоўнае, прасякнутае пяшчотай і клопатам. Казка на ноч - гэта зносіны з малым на чароўнай, зразумелай яму мове, гэта маленькія бяспечныя ўрокі жыцця. Пачытайце сваім дзецям казку, яна дапаможа супакоіцца пасля бурнага дня і наладзіцца на сон.
Курачка-Рабка
Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.
Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць.
Ідзе воўк:
— Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?
— Як жа нам не плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. І воўк завыў. Ідзе мядзьведзь:
— Воўк, чаго выеш?
— Як жа мне не выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць... А я брахаць ня ўмею, дык і завыў.
Выслухаў мядзьведзь казку і адарваў сабе хвост. Так з таго часу і жыве з куртатым хвастом.
Каток - залаты лабок
Жыў дзед з бабай. Былі яны вельмі бедныя: ні насіць няма чаго, ні варыць. Вось баба і кажа дзеду:
— Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, сьсячы дубок, завязі на рынак, прадай і купі гарчык мукі. Сьпячом хлеб.
Сабраўся дзед, паехаў у лясок, пачаў секчы дубок. Выскачыў з дуба каток — залаты лябок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак, паслада мяне баба ссекчы дубок, завезьці на рынак, прадаць і купіць гарчык мукі на хлеб.
— Едзь, дзед, дахаты: будзе ў вас мука!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго мукі повен засек!
Сьпякла баба хлеб, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:
— Ня шкодзіла б цяпер і заціркі наварыць. Ды солі няма. Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці ня выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго солі.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!... Выскачыў каток — залаты лабок, залатое, вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсьць — солі няма!
— Едзь, дзед, дахаты: будзе соль!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго солі цэлая дзежка стаіць!
Наварыла баба заціркі, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:
— Ня шкодзіла б цяпер і капусты паспытаць. Вастры, дзеду, тапарок, едзь у лясок, стукні ў дубок, ці ня выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго капусты.
Навастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!...Выскачыў каток — залаты лабок, залатое, вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсьць, соль ёсьць — капусты няма!
— Едзь, дзед, дахаты: будзе капуста!
Прыехаў дзед дахаты, а ў яго капусты поўная кадушка!
Баба кажа:
— Ай, як добра! Вось каб цяпер яшчэ сальца... Мы б з табою капусты наварылі, сальцам закусілі б. Не палянуўся, дзеду: вазьмі тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці ня выскачыць каток — залаты лабок: папарасі ў яго сальца.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!...Выскачыў каток — залаты лабок, залатое, вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: просіць баба яшчэ сальца да капусты.
— Добра, дзед, едзь дахаты: будзе ў табе сала!
Прыязджае дзед дахаты, а ў яго сала цэлы кубелец!
Рады дзед, рада баба. Сталі яны жыць ды пажываць, дзецям казкі казаць. І цяпер жывуць, хлеб жуюць, капустаю з салам закусваюць.
Вось вам казка, а мне абаранкаў вязка.
Маша і мядзведзь
Жыла-была дзевачка Маша. Пайшла яна з сяброўкамі ў лес чарніцы збіраць. Знайшлі дзевачкі невялічкую лапінку ягад, сабралі ўсе, ды пайшлі далей шукаць. Кусцік за кусцік, чарнічка за чарнічку, так і не заўважыла Маша, як заблудзілася. Стала яна крычаць. Ніхто з сябровак не адгукваецца, звала, звала Маша, асіпла. А ўжо і змяркацца пачало. Цёмна ў лесе стала, страшна.
Спужалася дзевачка, заплакала. Пачала скрозь слёзы зваць:
«Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!»
Ніхто не адклікаецца. Толькі страшна гудзе лес ды рэха адгукаецца. Яшчэ раз крыкнула Маша:
- Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!
I раптам да яе данеслася:
- Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач!
Узрадавалася Маша, пачала крапчэй зваць:
- Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!
— Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач.
Глядзіць Маша, а з лесу вылазіць вялізны мядзведзь. Страшна дзевачцы стала, але ж думае, не адна буду. Мядзведзь ёй і кажа:
- Пайшлі да мяне жыць.
Што зробіш, трэба ісці. Прывёў мядзведзь дзевачку ў бярлогу. А там цёмна, гразна. Узялася Маша, прыбрала ўсё. Дала мядзведзю чарніц і хлеба, які брала з сабой у лес. Наеўся мядзведзь і загадаў слаць пасцель.
- А як мне слаць? — пытае дзевачка.
- Рад камення, рад палення, ступу пад голаву, карытам накрыцца.
Цяжка было дзевачцы, але ж паслала, мядзведзь і заснуў. А Маша расплакалася, яшчэ страшней ёй стала, дамоў захацелася. Але як дабрацца ў вёску?
А жыла ў бярлозе пад печкай мышка. Яна таксама баялася мядзведзя. Маша дала ёй хлебныя крошкі. Паела мышка і кажа:
— Не плач, Маша, я цябе завяду дамоў.
Узрадавалася дзевачка і хуценька, пакуль спаў мядзведзь, выслізнула з мышкай з бярлогі.
Вывела мышка Машу з лесу, прывяла дахаты. Узрадаваліся бацькі. Накармілі мышку і вырашылі пакінуць яе ў сябе. 3 той пары і жывуць мышы побач з чалавекам.
Пчала і муха
Жылі-былі пчала і муха. Пчала з ранку да вечара па лугах лятала, мёд зьбірала. А муха мёд толькі есьці любілі. Дзе мёдам запахне, там і яна. А дзе мёду не чуваць, там муха ня хоча нават пераначаваць.
Аднаго разу прысела муха адпачыць на зялёным лузе. Сонейка муху прыгравае, лёгкі ветрык абвявае. Кругом кветкі цьвітуць, шустрыя конікі скачуць. У небе птушкі песенькі сьпяваюць.
Задумалася муха: як добра на сьвеце жыць!
Думала-думала, ды задрамала.
А ў гэты час над лугам пчала пралятала. Ляціць, гудзе, мёд у вулей нясе. Цяжка ёй, аж стогне небарака.
Прахапілася муха ды як закрычыць на пчалу:
— Ах ты сякая-такая! Чаго тут над вухам стогнеш, мне спаць не даеш!
— Выбачай, — сказала пчала. — Я шмат мёду нясу, дык і стагну.
— Ха-ха, — засьмяямлася муха, — шмат мёду нясеш, а сама, нябось, галодная: вунь якая худая — адны косьці...
— Праўда, — адказвае пчала, — мы, пчолы, зьбіраем пуды, а самі худы.
— А чаму ж вы худы? І мёд у вас, і вашчына ў вас...
— Дык жа мёд мы зьбіраем ня толькі для сябе, а і сваім дзеткам, і гаспадару, які нам хату зрабіў, даглядае нас.
— Чакай, чакай, — кажа муха, — я нешта не зусім цябе разумею: як гэта можна зьбіраць мёд для іншых? Мы, мухі, так не робім. Мы толькі гатовага мёду шукаем.
— Ат, — замахала крыльцамі пчала, — няма мне калі з табой гаманіць: трэба хутчэй дадому сьпяшацца, мядовую кашку дзеткам варыць.
— А дзе возьмеш ты мядовую кашку?
— На сябе вязу.
— У чым?
— У вазку, у палазку і за пазушкай.
Загула пчала ды паляцела ў свой вулей.
Заяц і вожык
У вадзін ясны сонечны дзень стаяў вожык каля дзьвярэй свайго дому, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку. Сьпяваў ён сваю песеньку, сьпяваў і раптам уздумаў: «Пайду я на поле ды на сваю бручку зірну. Пакуль мая жонка дзяцей мые ды апранае, я пасьпею і ў поле схадзіць і вярнуцца дадому». Пайшоў вожык і сустрэўся падарозе з зайцам, які таксама йшоў у поле на сваю капусту паглядзець.
— Добры дзень, паважаны заяц! Як вы маецеся?
А заяц быў вельмі важны й горды. Замест таго, каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі кіўнуў галавою ды сказаў груба:
— Што гэта ты, вожык, так рана па полі лётаеш?
— Я на шпацыр выйшаў, — кажа вожык.
— На шпацыр? — запытаўся заяц насьмешліва. — А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка ня зойдзеш.
Пакрыўдзіўся вожык за гэткія словы. Ня любіў ён, калі гаварылі пра ягоныя ногі, якія запраўды былі кароткія ды крывыя.
— Ці ня думаеш ты, — запытаўся ён у зайца, — што твае ногі бегаюць хутчэй і лепш?
— Вядома, — адказаў заяц.
— А ці ня хочаш ты зы мною навыперадкі пабегчы? — пытаецца вожык.
— З табою навыперадкі? — кажа заяц. — Не сьмяшы ты мяне, калі ласка. Няўжо-ж ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш?
— А вось пабачым, — адказвае вожык. — Убачыш, што абганю.
— Ну, давай пабяжым, — кажа заяц.
— Пачакай, — адказвае вожык, — спачатку я схаджу дадому пасьнедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на гэтае месца. Тады і пабяжым. Добра?
— Добра, — сказаў заяц.
Пайшоў вожык дадому. Ідзе й думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру».
Прышоў вожык дадому і кажа жонцы:
— Жонка, апранайся хутчэй, прыдзецца табе зы мною ў поле йсьці.
— А што здарылася? — пытаецца вожычыха.
— Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае — я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.
— Што ты — звар'яцеў? — зьдзівілася вожычыха. — Ён-жа цябе адразу перагоніць.
— Не твая справа, жонка, — сказаў вожык. — Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю. Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле.
Падарозе вожык кажа жонцы:
— Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па аднэй баразьне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля каля маёй баразны. Як толькі падбяжыць пад цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!». Зразумела?
— Зразумела, — адказвае жонка.
Так яны й зрабілі. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца.
— Ну, што-ж — кажа заяц, — пабяжым?
— Пабяжым, — адказвае вожык.
Сталі яны кажны ў пачатку свае баразны.
— Раз, два, тры! — крыкнуў заяц.
І абодвы яны пабеглі з усіх ног.
Прабег вожык крокаў тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць ды бяжыць. Дабег да канца свае баразны, а тут вожычыха яму і крычыць:
— Я ўжо тут!
А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін да другога. Зьдзівіўся заяц, што вожык яго перагнаў.
— Пабяжым цяпер назад, — кажа ён вожыку. — Раз, два, тры!
І пусьціўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы.
Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык крычыць:
— Я ўжо тут!
Яшчэ больш зьдзівіўся заяц.
— Пабяжым яшчэ раз, — кажа ён вожыку.
— Добра, — адказвае вожык. — Калі хочаш, пабяжым яшчэ раз.
Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды й назад.
А вожык усё яго пераганяў. Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык крычыць: «Я ўжо тут».
На семдзесят чацьверты раз дабег заяц да сярэдзіны поля ды паваліўся на зямлю.
— Умарыўся, — кажа, — не магу больш бегаць.
— Вось бачыш цяпер, у каго ногі лепшыя?
Нічога не адказаў заяц і пайшоў з поля — ледзь ногі пацягнуў.
А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзяцей і пашлі зь імі на шпацыр.
Народная прыказка — старадаўняя мудрасьць і душа беларускага народу.
Народная прыказка — старадаўняя мудрасьць і душа беларускага народу.
Прыказкі і прымаўкі пра Радзіму
Родная зямелька – як зморанаму пасцелька.
На чужыне і камар загіне.
Чым за морам віно піць, лепш з Нёмана вадзіцу.
Далёкая старана без ветру сушыць.
У сваім краі, як у раі.
Прыказкі і прымаўкі пра прыроду
1. Хмары не будзе – гром не ўдарыць.
2. Не ўсякая хмара дажджу дае.
3. Адкуль хмары, адтуль дождж.
4. Ластаўкі нізка лятаюць – дождж будзе.
5. Куры церабяцца і купаюцца – дождж будзе.
6. Будзе дождж – будуць і грыбы.
7. Як кот на пячы – холадна на двары.
8. Беражы нос у вялікі мароз.
9. Вада камень прабівае.
Прыказкі пра дзяцей.
1. Кожнаму сваё дзіця міла.
2. Дзіцятка хоць і крыва, ды бацьку з маткаю міла.
3. Савіныя дзеці самыя харашэйшыя.
4. У сваёй маткі ўсе добрыя дзеткі.
5. Усякая матка хваліць сваё дзіцятка.
6. І ваўчыха сваіх дзяцей любіць.
7. І сава сваіх дзяцей хваліць.
Прыказкі пра жывёльны і раслінны свет
1. Ваўка зубы кормяць.
2. Воўка б’юць, а ён у лес бяжыць.
3. Воўк казе не таварыш.
4. Каза плача, а воўк скача.
5. Ліса і ў сне курэй бачыць.
6. Рыба вады не баіцца.
7. Якая птушка, такі і галасок.
8. Лес і вада – родныя брат і сястра.
9 Высокае дрэва здалёку відаць.
10. Дзе мухаморы, там і баравікі.
11. Дзе ягаднік, там і ягада.белая.
Прыказкі пра поры года.
1. Жураўлі ляцяць высока – зіма яшчэ далёка.
2. Жураўлі ляцяць нізка – зіма ўжо блізка.
3. Зімовы дзянёк, што камароў насок.
4. Якая зіма, такое і лета.
5. Зіма снежная – лета дажджлівае.
6. Бусел прыляцеў – вясна будзе.
7. Вясенні дзень год корміць.
8. Вясна красна цвятамі, а восень пладамі.
9. Калі май халодны, дык год хлебародны.
10. Хто халадку шукае, той узімку галадае.
Прыказкі пра працу.
1. Шчырая праца – мазалёвая.
2. Хто любіць трудзіцца, таму без працы не сядзіцца.
3. Работа і корміць, і поіць.
4. Вось на свеце як бывае: хто працуе, той і мае.
5. Без працы не есці пірагоў.
6. Хочаш есці калачы, так не сядзі на пячы.
7. Хто працуе, таму і шанцуе.
8. Хто працуе, той і святкуе.
9. Добра рабі, добра і будзе.
10. Гультая зямля не любіць.
11.Праца чалавека корміць, а лянота порціць.
12. Да работы не пускаюць ляноты.
Прыказкі пра дабрыню, злосць і зайздрасць.
1. Сам добры – людзі добрыя.
2. У добрага чалавека заўсёды многа добрых людзей.
3. Шчыраму сэрцу і чужая болька колка.
4. Добры чалавек і жывёлу шкадуе.
5. Злосці поўныя косці.
6. Верабей і той зло мае.
7. Сабака ад злосці свой хвост кусае.
8. Злы чалавек злее ваўка.
9. На ліхога чалавека і сабака брэша.
10. Чужыя лемяшы харашы.
Прыказкі пра сяброўства
1. Ёсць піражкі - будуць і дружкі.
2. Добрыя сябры час крадуць.
3. Хто сяброў мае, той бяды не баіцца.
4. Шукай сабе сябра ў бядзе.